СУЛЬФГІДРЫ́ЛЬНЫЯ ГРУ́ПЫ,

функцыянальныя SH-групы ў малекулах арган. злучэнняў. У бялках уваходзяць у састаў цыстэіну.

Валодаюць высокай рэакцыйнай здольнасцю, лёгка акісляюцца і ўтвараюць дысульфідныя сувязі (—S—S—). Забяспечваюць трохмерную структуру малекул, утвараюць вадародныя, дысульфідныя і каардынацыйныя сувязі. Дысульфідныя сувязі жорстка змацоўваюць розныя поліпептыдныя ланцугі або ўчасткі аднаго ланцуга (шмат —S—S-сувязяў у бялках валасоў, пазногцяў, воўны і інш.; некат. гармонах — інсуліне, аксітацыне і інш.). У некат. ферментах (напр., алкагольдэгідрагеназа) С.г. ўтвараюць сувязі паміж бялком і каферментам, выконваюць каталітычную ролю. Блакада С.г. бялкоў (ферментаў), каферменту А, напр., цяжкімі металамі, парушае дзяленне клетак, мышачнае скарачэнне, фотасінтэз і інш.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)